Адрес: 212002 г. Могилев, пр-т Пушкинский, 36. Телефон: 42-88-04. E-mail: db-pushkina@mail.ru.  
Перейти к содержимому

Автор отмечает юбилей

 

 

 

 

 

 

 

Мікола Чарняўскі – беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі, выдатнік народнай асветы Беларусі, выдатнік друку Беларусі, лаўрэат літаратурных прэмій імя Я. Маўра (1995), імя В. Віткі (2002), "Залаты Купідон" (2010), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2001)

Нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі 16 студзеня 1943 г. на Гомельшчыне, у вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна. Рана асірацеў і спазнаў, як цяжка жыць без матчынай ласкі. Вучыўся ў школе і дапамагаў бацьку — падмяняў яго, вясковага пастуха, у гарачую пару сенакосу і жніва.

Першы верш, надрукаваны ў 1958 годзе, у газеце “Піянер Беларусі”, называўся “Васілёк”. Пад знакам гэтай кветкі, услаўленай у свой час Максімам Багдановічам, і ўвайшоў у літаратуру новы паэт. Любоў да мастацкага слова прывяла яго ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мікола вучыўся на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта і працаваў у рэдакцыях дзіцячых газет, на радыё.
Дэбютаваў зборнікам вершаў і казак “Дзе лета канчаецца”. Вітаючы выхад кніжкі ў свет, паэтэса Еўдакія Лось адзначыла, што аўтар разумее і любіць дзяцей, “ідзе да іх са сваім словам, са сваёй душэўнасцю і дабратою”. На ўсё жыццё запомніўся маладому творцу ўрок Васіля Віткі — галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”. Акрылены яго падтрымкаю, Мікола Чарняўскі спешна, за некалькі дзён, напісаў цэлую нізку вершаў, прынёс у рэдакцыю. Васіль Вітка прачытаў і спахмурнеў: “Выходзіць, перахваліў я цябе, Мікалай. Ты толькі паглядзі сюды…” А таму ўжо і глядзець расхацелася, зразумеў: “спяшацца трэба тады, калі на цягнік спазняешся”.

Дваццаць два гады адшчыраваў Мікола Чарняўскі ў часопісе “Бярозка”, васямнаццаць — у “Вясёлцы”. Кожны дзень рыхтаваў да друку мастацкія і дакументальныя творы, акуратна і падрабязна адказваў на лісты чытачоў і юных аўтараў. Стараўся не засмучаць, а прыносіць радасць адрасатам — вучням і настаўнікам. Амаль трыццаць гадоў вёў на радыё штомесячную перадачу “Першыя сцяжынкі”, якая гуртавала вакол сябе пачаткоўцаў — тых, хто пракладаў свой шлях у таемны свет паэзіі і прозы. І цяпер, на пенсіі, Мікалай Мікалаевіч кіруе “Купалінкай” — творчай суполкай школьнікаў Мінскага раёна. Парупіўся, каб асобным выданнем выйшлі “Казкі дзяцей Беларусі”. Рэдактарскія клопаты, сустрэчы з чытачамі часта адрывалі ад пісьмовага стала, але паэт не шкадуе: узгадвае, што кожная камандзіроўка была нібы вяртаннем у дзяцінства, дзе ён маладзеў душою, знаходзіў новыя тэмы і вобразы для сваіх твораў. Тым больш радасна ад таго, што гэтыя высілкі, паездкі, выступленні, парады далі багаты плён: многія вучні Міколы Чарняўскага сталі вядомымі журналістамі і пісьменнікамі. Пішуць лісты настаўніку, сустракаюцца з ім, дораць свае кніжкі, а ў кожным аўтографе — удзячнасць за ўвагу і падтрымку ў жыцці.

У паэтычнай скарбонцы паэта ёсць кніжкі і для дарослых. За гады літаратурнай працы зроблена нямала: каля сарака кніжак набралася — цэлая бібліятэчка. На рускую мову перакладзена яго паэма “Вогненная балада”, на польскую — вершаваная кніжка “Адрас наш — дзіцячы сад”.

У сваю чаргу, Мікалай Мікалаевіч пераклаў на беларускую мову творы многіх паэтаў блізкага і далёкага замежжа.
Мікола Чарняўскі не раз станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і падлеткаў. За кніжку “Каго баіцца зубр?” атрымаў Літаратурную прэмію імя Янкі Маўра, за кніжку “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?” — прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны “за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры”.
Усё сваё жыццё паэт носіць каля сэрца “званочак роднага слова”, які радуе нас спавядальнай аповесцю, урачыстай песняй, суровай баладай, чароўнай казкай, лірычным вершам.

Чытаць творы Міколы Чарняўскага анлайн:
Урок ветлівасці
"Акадэмія на колах"
Ліса-калядоўшчыца

Просмотров: 54