Янка Брыль — беларускі пісьменнік-празаік, перакладчык і публіцыст.
Біяграфія
Нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям'і чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля. Маці, Настасся Іванаўна, працавала па гаспадарцы. У 1922 годзе разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загор'е (Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць). У 1931 Я. Брыль скончыў польскую сямігодку ў мястэчку Турэц і паступіў у Наваградзкую гімназію, але ня змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцяў. Меў старэйшчых братоў, з якімі дапамагаў па гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. Чытаў шмат кніг. Найбольш падабаліся Леў Талстой і Антон Чэхаў. Стварыў у роднай вёсцы драматычны гурток, для якога перакладаў польскія і расійскія п’есы, сам удзельнічаў у спектаклях у якасці актора і пастаноўшчыка. Стаў сябрам паэтаў Алеся Мілюця і Міхася Васілька.
У 1939 прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку II Сусветнай вайны ўдзельнічаў у абарончых баях супраць нямецкай арміі на паўвостраве Вэстэрплятэ (пад Гдыняй). У верасні 1939 года з-за капітуляцыі нямецкіх войскаў трапіў у нямецкі палон, у восень 1941 года вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў.
У 1942 Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 — разведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец».
Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкама партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыгала», загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык».
У розныя гады Я. Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаванні сувязяў беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краінаў сацыялістычнай садружнасці.
Літаратурная творчасць
Пісаць Я. Брыль пачаў з чатырнаццаці год, дэбютаваў у друку ў 1938 годзе ў часопісе «Шлях моладзі».
Пачалася творчая дзейнасць пісьменнніка з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі, і з апавяданняў, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна.
У 1946 г. выйшла з друку першая кніга Я. Брыля «Апавяданні», куды ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць «У сям’і», прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі.
Звяртаўся пісьменннік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне «Маці» (зборнік «Надпіс на зрубе», 1958)
У пачатку 1960-х з'явіўся ў друку вядомы раман Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Гэта адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменнніка, які сам аўтар назваў «кнігай адной маладосці».
Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калесьнікам дакументальная аповесць «Я з вогненнай вёскі…» (1975)
Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініятуры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 1960-х і якія склалі кнігі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Пішу як жыву» (1994), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006).
Мініятуры былі асаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і сумна трагічныя праявы быцця.
Янка Брыль вядомы таксама як перакладчык з рускай, украінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л.М. Талстога, А.П. Чэхава, М. Горкага, П.П. Бажова, А.П. Даўжэнкі, Б. Пруса, і многія іншыя.
Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.
Узнагароды
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў «Знак Пашаны», савецкімі і польскімі медалямі.
Лаўрат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) за аповесць «У Забалоцці днее», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963) за кнігу «Працяг размовы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за аповесць «Золак, убачаны здалёк».
Атрымаў у Польшчы прэміі за пераклады польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі - імя Ў. Петшака (1972) і аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1975).
Не стала таленавітага пісьменніка і шчодрага душой чалавека ў ліпені 2006 года.
Увекавечванне памяці
26 верасня 2007 года імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў мінскім мікрараёне Міхалова.
26 жніўня 2009 года імя Янкі Брыля нададзена вуліцы ў Гдыні.
Чытаць анлайн:
«Сірочы хлеб»: https://coollib.net/b/396056-yanka-bryil-sirochyi-hleb/read
«Цюцік»: https://knihi.com/Janka_Bryl/Ciucik.html
«Я з вогненнай вёскі...»:
https://knihi.com/Ales_Adamovic/Ja_z_vohniennaj_vioski.html
«Птушкі і гнёзды»: http://rv-blr.com/literature/4053
«Муштук і папка»: https://knihi.com/Janka_Bryl/Mustuk_i_papka.html
Views: 27