Адрес: 212002 г. Могилев, пр-т Пушкинский, 36. Телефон: 42-88-04. E-mail: db-pushkina@mail.ru.  
Перейти к содержимому

85 год з дня нараджэння Уладзіміра Ліпскага

Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі – вядомы беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзяцей.

Нарадзіўся Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі 6 мая 1940 года ў вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Бацькі яго былі працавітымі сялянамі. Уладзімір быў шосты ў сям'і. Пасля заканчэння Вузнажскай сярэдняй школы вучыўся ў Мінску, у тэхнікуме харчовай прамысловасці. Пасля працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе. Потым завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Трэба адзначыць, што ён адзіны з братоў і сясцёр атрымаў вышэйшую адукацыю.

Працаваў у нясвіжскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”. З 1978 года з’яўляецца галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса “Вясёлка”.

Пачаў друкавацца Уладзімір Ліпскі з 1964 года. У 1971 годзе выйшла яго першая кніга публіцыстыкі "Райкамаўскія будні", затым кнігі публіцыстыкі "День за днём", "Якое яно, шчасце?", "Прыдзвінскі цуд", "Падкідыш". Вынікам шматгадовых архіўных пошукаў стала кніга "Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод".

Уладзімір Сцяпанавіч вельмі любіць дзяцей. Шмат твораў ён напісаў менавіта для іх. Гэта казкі, прыгодніцкія апавяданні, коміксы: "Рыгоркавы прыгоды","Марынчына казка", "Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска", "Наша Маша", "Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка", "Прыгоды Нуліка", "Вясёлка над Нёманам", "Я тут жыву", "Каралева белых прынцэс", "Мілаградскі конік", "Мая Беларусь".

Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў пераказаў Біблію – “Як Бог стварыў свет”. Па кнізе "Вясёлая азбука" у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры пастаўлены спектакль "Прыгоды ў замку Алфавіт".

Уладзімір Ліпскі – лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, якія прысуджаюцца за творчасць для дзяцей і падлеткаў: прэміі імя Янкі Маўра; імя Васіля Віткі; імя Аляксандра Грына, якая прысуджаецца “за творы, прасякнутыя духам рамантыкі і надзеяй”; Міжнароднай прэміі імя Альберта Швейцара, якой узнагароджваюць “за дабрачынныя справы на карысць дзяцей”. У 2001 г. Уладзіміру Ліпскаму прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, ў 2005 г. – прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў, у 2007 г. – Ордэн “Францыска Скарыны” за нумарам 109.

Любоў да жыцця, уменне даражыць кожным днём, сустракаць яго, як свята, Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі нясе праз гады. “Што раблю? – Жыццё люблю!” – шчыра, з маладым запалам піша ён. І маладосць сапраўды з ім. Пісьменнік  у віры жыцця.

Можна пачытаць

Views: 25