Адрес: 212002 г. Могилев, пр-т Пушкинский, 36. Телефон: 42-88-04. E-mail: db-pushkina@mail.ru.  
Перейти к содержимому

Іван Чыгрынаў

Народны пісьменнік Беларусі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў - таленавіты, самаадданы, неардынарны мастак слова, аўтар шматлікіх апавяданняў, раманаў, п'ес, кінасцэнарыяў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў – грунтоўна выпісаў Беларусь і беларусаў у віры розных падзей: у часы сівой даўніны, у гады ваеннага ліхалецця, у часы пасляваеннай галечы і ў 80-90-я гады XX стагоддзя. Іван Гаўрылавіч пражыў цікавае, змястоўнае і адначасова няпростае жыццё.

З'явіўся на свет будучы мастак слова 21 снежня 1934 года на Магілёўшчыне, у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Родная вёска Івана Чыгрынава з ўсіх бакоў атулена лясамі. Нездарма яна так і называецца – Вялікі Бор. З маленства ўдыхнуў ён у сябе гаючае паветра мурожных лугоў, з задавальненнем хадзіў па грыбы і ягады.

Гадаваўся будучы пісьменнік у руплівай сялянскай сям'і: бацька, Гаўрыла Сяргеевіч,  старшыня сельсавета. Маці, Хадоска Ігнатаўна – звычайная працаўніца-калгасніца. На яе плечы клаўся ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей (у сям'і іх было васьмёра). Іван вельмі любіў, паважаў маці, жаласна адносіўся да яе. Яна крыху ўмела чытаць і пісаць. Хораша, задушэўна спявала беларускія народныя песні, была чулай, спагадлівай жанчынай.

Вялікі ўплыў на станаўленне яго светапогляду аказаў дзед, Ігнат Міхайлавіч Кажанаў, які быў вялікім кніжнікам-самавукам і меў на той час шмат кніг. Вельмі любіў Льва Таўстога. Іван многаму ад яго навучыўся, многае зразумеў з ранніх гадоў.

Дарога да ведаў Івана Чыгрынава пачалася яшчэ ў даваенны час: у 1940 годзе хлопец пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Гітлераўская акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілёўшчыны ад фашыстаў, будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту. Маленькі Іванка рана пасталеў. Яго дзяцінства было апалена вайной. Калі Гітлер напаў на нашу краіну, хлопчыку ішоў сёмы год. Пайшоў на фронт яго бацька, ваяваў, застаўся жывы, але дамоў не вярнуўся.

Дзесяцігодку юнак заканчваў у вёсцы Саматэвічы Хоцімскага  раёна. Яшчэ ў школе юнак захапіўся паэзіяй, пачаў сам пісаць вершы, таму невыпадкова, што жыццёвы шлях прывёў яго на аддзяленне журналістыкі філфака Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта, дзе ён пазнаёміўся з маладымі і таленавітымі літаратарамі. Аднакурснікамі Івана Чыгрынава былі Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін.

Гэтыя гады сталі часам літаратурных спроб у паэзіі. Дебютны верш "Сон трактарыста" быў надрукаваны ў 1952 годзе ў часопісе "Полымя", потым былі і іншыя вершы ў часопісах і журналах.

Аднак паэзія не вельмі вабіла Чыгрынава. Паэтам ён так і не стаў. Яго захапіла проза. У год заканчэння універсіэта, 1957, ў “Чырвонай змене” пабачыла свет яго невялікая аповесць “Аўгуст Андрэ: Тайна адной экспедыцыі” пра подзвіг шведскага інжэнера, даследчыка Арктыкі. Але сам пісьменнік пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасці лічыў 1961 год, калі 6 чэрвеня ў газете “Літаратура і мастацтва” было змешчана яго апавяданне “Праз гады”, у якім Чыгрынаў знайшоў свайго героя – чалавека з роднай яму Магілёўшчыны.

Пасля вучобы ва універсітэце Іван Гаўрылавіч працаваў на розных пасадах у рэдакцыях выдавецтва "Навука і тэхніка" АН Беларусі (1957-1962), часопіса "Полымя" (1962-1975).

Да пастаяннай працы ў галіне мастацкай прозы Іван Чыгрынаў звярнуўся ў пачатку 60-х гадоў 20 стагодзя. Выдаў тры зборнікі апавяданняў: “Птушкі ляцяць на волю”(1965), “Самы шчаслівы чалавек” (1967), “Ішоў на вайну чалавек” (1973).

Спрабаваў свае сілы Іван Чыгрынаў і ў кінамастацтве. Як кінасцэнарыст–сааўтар ён упершыню выступіў пры стварэнні шасцісерыйнага тэлефільма “Руіны страляюць …”(1971-1972) паводле кнігі Івана Новікава “Руіны страляюць ва ўпор”. Праца над серыяламі нездарма аб’яднала гэтых двух пісменнікаў. Іван Новікаў так сама нарадзіўся на Магілёўшчыне.

Больш за дзесяць гадоў (1975-1986) Іван Гаўрылавіч быў на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, у складзе дэлегацыі Беларусі ўдзельнічаў у працы 33 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, старшыня праўлення Беларускага фонду культуры, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, галоўны рэдактар часопіса "Спадчына”. І працавў, і працаваў, і працаваў…

Ужо перад самай смерцю мастак завяршыў пенталогію пра нялёгкія выпрабаванні беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, якая складаецца з некалькіх раманаў: "Плач перапёлкі" (1972), "Апраўданне крыві" (1977), "Свае і чужынцы" (1984), "Вяртанне да віны" (1993), "Не ўсе мы згінем" (1996). Гэты раманны цыкл стаў вельмі важным дасягненнем пісьменніка і хутка здабыў належнае грамадскае прызнанне. За два першыя раманы (“Плач Перапелкі” і “Апраўданне крыві” ) Іван Гаўрылавіч атрымаў вельмі прэстыжную літаратурную прэмію імя Аляксандра Фадзеева, а ў дадатак да яе і сярэбраны медаль.

Іван Чыгрынаў выявіў сябе і як таленавіты драматург — аўтар п'ес "Дзівак з Ганчарнай вуліцы" (1986), "Следчая справа Вашчылы" (1988), "Чалавек з мядзведжым тварам" (1988), "Звон — не малітва" (1988), "Ігракі" (1989), "Прымак" (1994) — і  як перакладчык "Слова пра паход Ігаравы" (1991).

Перастала біцца сэрца гэтага таленавітага мастака слова 5 студзеня 1996 года. Доля адмерала яму толькі 61 год і 15 дзён зямнога жыцця. Па сённяшніх мерках гэта ўвогуле не багата, але ён застаўся жыць у сваіх творах, якія мы можам чытаць і адкрываць свет не толькі аўтара і яго герояў, адкрываць саміх сябе.

У знак пашаны і прызнання творчасці класіка беларускай літаратуры адна з вуліц Магілева носіць яго імя, а ў 2003 годзе на будынку сярэдняй школы № 6, адкрыта мемарыяльная дошка пісьменніка.

Views: 12