Адрес: 212002 г. Могилев, пр-т Пушкинский, 36. Телефон: 42-88-04. E-mail: db-pushkina@mail.ru.  
Перейти к содержимому

85 год з дня нараджэння В. Лукшы

 Валянцін Антонавіч Лукша — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, член праўлення “Саюза беларускіх пісьменнікаў”, старшыня творчай секцыі дзіцячай літаратуры Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар п’ес, зборнікаў вершаў і казак для дзяцей, кніг паэзіі для дарослых, папулярных песень.

Нарадзіўся Валянцін Лукша 16 лістапада 1937 года ў беларускім горадзе Полацку. Маці яго выкладала ў школе ў пачатковых класах, добра ведала беларускую мову і фальклор. Менавіта ад яе Валянцін з дзяцінства чуў прыгожае самабытнае беларускае слова. Але пра тое, што будзе пісьменнікам, у маладосці нават не думаў. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956) і аддзяленне друку Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС (1976). Працаваў памочнікам таксатара Пензенскай аэрафоталесаўстройчай экспедыцыі. У 1958 годзе — інструктар Полоцкага гаркама камсамола, камсорг будаўнічага трэста. Крыху пазней звязаў свой лёс з мясцовым друкам. Пісаў пра тое, што выношвалася ў сэрцы, прапускалася праз душу. Так з’явілася дэбютная кніга “Гарады нараджаюцца сення”. Потым - зборнікі дакументальнамастацкай прозы “Наша полацкая прафесія”, “Рамантыкі шасцідзесятых”.

З 1961 года В. Лукша — літсупрацоўнік полацкай газеты «Сцяг камунізма», загадчык аддзела міжраённай газеты «Ленінская іскра» (Полацк), карэспандэнт Беларускага радыё, заведуючы аддзелам літаратуры і мастацтва рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена», адказным секратаром штомесячніка «На экранах Беларусі», з 1973 года — старэйшы рэдактар, з 1975 года — галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, у 1980 годзе — дырэктар выдавецтва «Юнацтва». За дваццаць гадоў на гэтай пасадзе ён ператварыў выдавецтва ў адно з вядучых выдавецтваў гэтага профілю на савецкай, а потым і на постсавецкай прасторы. Багата праектаў займелі шырокі рэзананс. Найперш унікальная “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР”. Пабачыла свет выданне, роўных якому па значнасці не было на тэрыторыі Савецкага Саюза: пятнаццаць тамоў, шаснаццаць кніг, для дзяцей усіх саюзных рэспублік. Дарэчы, том беларускай літаратуры “Вяснянка” вытрымаў два выданні. За гэтую серыю В.А.Лукша быў уганароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ ім паспяхова папаўняліся серыі: “Бібліятэка прыгод і фантастыкі”, “Эўрыка”і інш. З легкай рукі Валянціна Антонавіча беларуская дзіцячая літаратура, па сутнасці, заваявала ўвесь свет. За пятнаццаць гадоў творы, перакладзеныя на 16 моў, былі накіраваныя ў 110 краін, а ўсё лепшае з замежнай літаратуры выдавалася па-беларуску. Выдавецкі клопат не перашкаджаў яго творчай працы. Ён паспяхова пашыраў жанравыя абсягі: напісаў гераічную драму паэму “Белыя берагі”, паэму-хроніку “Падснежнікі для Веры”. Многія яго вершы сталі песнямі. У 2006 годзе выйшла кніга «І родны дом, і цэлы свет», у якую ўвайшлі лепшыя творы, напісаныя амаль за 50 гадоў творчай дзейнасці паэта.

Валянцін Антонавіч вельмі любіў дзяцей. Але пісаць для іх пачаў, калі ў яго нарадзілась дачка Таня. Менавіта пра яе і былі першыя жартлівыя вершы, потым героем яго твораў стаў унук Ваня. На старонкі кніг траплялі сюжэты з іх жыцця: што здаралась дома, у дзіцячым садку або ў школе, у двары, ці на вёсцы.
Для маленькіх чытачоў ён напісаў кнігі вершаў і казак: ”Аркестр”, ”Лета круглы год”, ”Крылаты цэх”, ”Як Ліса вучылася лётаць”, ”Адзін у свеце край”. Творы гэтыя светлыя, сонечныя, такія, як і сам аўтар, з заўсёднай таямнічай усмешкай на вуснах. Ён умеў у звычайным, знаёмым — у раслінах, птушках, звярах — адкрыць дзецям сапраўдны цуд, неназойліва прывучаў любіць і берагчы ўсё жывое на зямлі, вучыў дабрыні, павазе да старэйшых і любові да Бацькаўшчыны.

Можна прачытаць:
ссылка 1:
ссылка 2:

 

Views: 17