У беларускі чацвер бібліятэкары наведалі дзіцячы садок № 42 каб пазнаёміць маленькіх беларусаў з першым народным святам у новым годзе – Ражаством Хрыстовым. Пад калакольны звон дзеці ўвайшлі ў прыгожа ўбраную навагоднюю залу, дзе акунуліся ў таямнічую атмасферу свята. Яны даведаліся, што маленькі хлопчык з залатым ззяннем вакол галавы, які з ўсмешкай глядзеў на іх з экрана, гэта і ёсць Хрыстос, які прыйшоў на зямлю для таго, каб у сэрцах людзей адбыўся цуд, каб злы стаў добрым, сквапны стаў шчодрым, каб той, хто плача, быў сцешаны, каб адзінокі набыў сябра.
Асаблівы святочны настрой стваралі бібліятэкары разам з дзецьмі: паглядзелі відэаказку "Калядная елачка", удзельнічалі ў гульнях "Упрыгож елачку", "Чаго на ёлцы не бывае", "Што такое дабрыня", "Я і ты - сябры" і іншыя.
Свята прынесла не толькі радасць і задавальненне выхаванцам, але і карысныя веды, і магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа. Упэўнены, што незабыўныя ўражанні ад навагодняй дзеі надоўга застануцца ў памяці дзетак.
Views: 13