Адрес: 212002 г. Могилев, пр-т Пушкинский, 36. Телефон: 42-88-04. E-mail: db-pushkina@mail.ru.  
Перейти к содержимому

75 год з дня нараджэння Міхася Пазнякова

Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў - паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык, літаратуразнавец, мовазнавец.

Нарадзіўся 24 студзеня 1951 г. у вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся спачатку ў Забродскай пачатковай школе, з пятага класа быў пераведзены ў Глухскую сярэднюю школу, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, займаўся ў гуртках і спартыўных секцыях. Асабліва, юнага Міхаіла захапляла гісторыя, геаграфія і матэматыка. З самага дзяцінства, ён вельмі любіў чытаць.

Першы свой верш Міхась Пазнякоў напісаў у шостым класе, а штуршком да творчасці з'явілася настаўніца рускай мовы і літаратуры, якая дала заданне напісаць верш. 3 таго часу вершаплёцтва захапіла будучага паэта.
У 9 класе Міхась Пазнякоў быў абраны рэдактарам «Камсамольскага пражэктара» – насценнай газеты камсамольскай арганізацыі школы. Першы яго верш быў надрукаваны ў 1966 г. у газеце «Браслаўская звязда» (г. Браслаў), дзе Міхась Пазнякоў вучыўся некалькі месяцаў у санаторнай школе. Заўважыў і падтрымаў яго кіраўнік літаратурнага аб'яднання, вядомы пісьменнік Павел Пруднікаў. У 1968 г. адбылася першая сустрэча Міхася з жывым пісьменнікам – чараўніком мастацкага слова Адамам Русаком. Пасля заканчэння школы працаваў на Мінскім заводзе шасцерняў.

У 1971 г. Міхась Пазнякоў стаў студэнтам філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, які скончыў у 1977 годзе.
У 1976 г. у газеце «Беларускі універсітэт» быў надрукаваны першы верш Міхася Пазнякова на беларускай мове.
У 1978 г. залічаны на працу ў Інстытут мовазнаўства, дзе прымаў удзел у распрацоўцы двухтомных «Русско-белорусского словаря» і «Беларуска-рускага слоўніка», а таксама з'яўляўся памочнікам навуковага рэдактара гэтых выданняў. Навуковым жа рэдактарам быў Кандрат Крапіва – у той час віцэ-прэзідэнт АН Беларусі.
З 1981 г. Міхась Пазнякоў – дырэктар Літаратурнага музея М. Багдановіча. 3 1984 г. па 2000 г. працаваў у дзяржаўным выдавецтве «Юнацтва», прайшоўшы шлях да галоўнага рэдактара. Потым два гады ўзначальваў часопіс «Вожык». 3 2003 г. працуе ў часопісе «Неман»: да мая 2008 г. – намеснікам галоўнага рэдактара, а цяпер – галоўным рэдактарам, намеснікам дырэктара РВУ «Літаратура і мастацтва». З лістапада 2005 года — старшыня Мінскага гарадскога аддзяленя Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Першая кніжка Міхася Пазнякова была адрасавана дзецям – «Дзіўныя «блізняты» (1987 г.), якую склалі загадкі на беларуска-рускія амонімы. Затым з'явіліся «Побач з татам» (1988 г.), «Тры чарадзеі» (1991 г.), «Ехаў поўны воз дзівос» (1994 г.), «Шые вожык кажушок», «Дзівосны свет» (1996 г.) і інш. Выйшлі кніжкі вершаў для дарослых: «Колер радасці» (1988 г.), «Час надзеі» (1991 г.), «Крутит время свои жернова» (2004 г.), «Любі і помні» (2006 г.), «Святое правіла...» (2008 г.).

Міхась Пазнякоў – аўтар звыш 99 кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі, літаратуразнаўства, слоўнікаў і перакладаў для дзяцей і дарослых. Некалькі кніг М. Пазнякова ўбачылі свет на рускай, украінскай, казахскай, армянскай, арабскай, калмыцкай мовах за межамі Беларусі. Асобныя творы перакладзены на 23 мовы свету. Больш як у 500 зборніках, альманахах, часопісах, газетах многіх краін свету і Беларусі апублікована звыш 4000 твораў.

На вершы паэта напісана звыш 200 песень. З ім супрацоўнічаюць кампазітары Леанід Захлеўны, Пятро Яроменка, Георгій Ермачэнкаў, Уладзімір Карызна-малодшы, Мікалай Літвін, Вячаслаў Кузняцоў і інш.

Міхась Пазнякоў з'яўляецца Лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, літаратурных прэмій імя П. Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры, Я. Маўра, В. Віткі, трох прэмій Міністра абароны Рэспублікі Белрусь, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, трох рэспубліканскіх прэмій «Лепшая кніга года» і дзевяці міжнародных літаратурных прэмій.

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, мае шматлікія ўзнагароды Беларусі, Расіі, Украіны і Саюзнай дзяржавы. Кавалер медаля Францыска Скарыны.

Вершы для дзяцей
Вершы пра Беларусь. Міхась Пазнякоў

 

 

Views: 81