Адрес: 212002 г. Могилев, пр-т Пушкинский, 36. Телефон: 42-88-04. E-mail: db-pushkina@mail.ru.  
Перейти к содержимому

Аркадзь Куляшоў

Сёлета, 6 лютага, мы адзначаем сто дзесятую гадавіну з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. На жаль, ён ужо не з намі. Мы ж па-ранейшаму з ім. Тыя, хто наталяе прагу сваёй душы з крыніц паэзіі. Паэзія Куляшова стала ўжо класікай. Яна ўвайшла ў сэрцы чытачоў, як светлы і чысты Храм Паэзіі, той храм, што пастаянна вабіў да сябе Аркадзя Куляшова і ў якім нам становіцца так хораша, цёпла, утульна.

Тайна нараджэння паэзіі, як і тайна нараджэння чалавека – загадкава. Каб яе разгадаць, трэба пазнаць краіну, душу народа, прыроду, падыхаць тым паветрам. Якое ўпершыню ўдыхнуў маленькі Аркадзь. А адбылось гэта на Магілёўшчыне, у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна, 6 лютага 1914 года у сям’і настаўнікаў. Бацька яго, Аляксандр Мікалаевіч, родам з Аршаншчыны, атрымаўшы званне настаўніка ў Багародску пад Масквой, вярнуўся настаўнічаць на Мсціслаўшчыну. Маці – Кацярына Фамінічна, паходзіла з Крычаўскага павета, здабыла званне настаўніцы ў Магілёве. Несумненна, на стаўленне духоўнай асобы будучага знакамітага паэта істотны ўплыў аказалі менавіта яны. Бацька нядрэнна спяваў, нават некаторы час удзельнічаў у народным хоры. Была слыннай пявунняй і маці. Гэты песенны генетычны код не раз выяўляўся ў паэзіі Аркадзя Куляшова.

Пасля заняткаў у школе маці бралася за звычайную сялянскую працу.

У хаце спяваў калаўрот і пахла лёнам, грукаталі кросны. Увесну пад вокнамі слаліся сцежкі палотнаў, вытканых зімой. Калі тканіны станавіліся белымі, з іх шылі сарочкі дзецям. Тады Аркадзю было 3-4 гады…

Дзяцінства яго прайшло каля берагоў Бесядзі. Гэта рака пралегла не толькі праз месца яго нараджэння, але і праз душу паэта. Яна калыхала яго найлепшыя мары і спадзяванні. Калі Куляшоў пісаў пра зямлю, дзе нарадзіўся, прыгадваў сваё першае каханне і, канечне ж, яе, Бесядзь, раку маленства.

Першае знаёмства з пісьменнікамі ў маленькага Аркадзя адбылось раней за знаёмства з літарамі. У рукі хлопчыка трапіў альбом з партрэтамі рускіх пісьменнікаў, атрыманы як дадатак да часопіса, які выпісвалі бацькі. Пушкін, Лермантаў, Някрасаў - з гэтых імёнаў пачынаецца самастойнае чытанне Аркадзя. Аднойчы Аляксандру Мікалаевічу падарылі кнігу Янкі Купалы зборнік «Шляхам жыцця» і адразу гэтая кніга стала хатняй рэліквіяй для дзесяцігадовага хлопчыка. Паэт узгадваў свае першыя вершаваныя спробы з чатырохгадовага ўзросту. З той пары, як Куляшоў навучыўся пісаць, “не пераставаў чыркаць карандашом”.

Свае першыя вершы ён склаў ужо ў шасцігадовым узросце. А надрукаваў іх – у 12 гадоў.

А ў 14 – было першае каханне. Да чароўнай, тоненькай смуглянкі -Аляксандры Карыткінай. Калі юнакі пазнаёмілісь, ёй было 13, а яму – 11… У Аляксандру былі закаханы ўсе восем хлопчыкаў той саматэвіцкай школы-сямігодкі, у якой вучыўся і Аркадзь. Родам яна была з суседняй вёскі. Усе называлі яе Сашай ды Аляксандраю, а Аркадзь называў Алесяю. Сваё каханне да дзяўчыны ён выказаў у цудоўных радках верша «Бывай». Сёння гэты твор – адзін з шэдэўраў беларускай інтымнай лірыкі.

Лёс раз’яднаў два любячыя сэрцы. Пасля школы Аляксандра Карыткіна паехала ў Пецярбург і паступіла ў педагагічны інстытут, выйшла замуж. У 1938 годзе юнакі пачалі перапісвацца. Ён дасылаў ёй свае новыя творы. Усё жыццё вобраз Алесі прысутнічаў ў паэзіі Куляшова як вобраз першага кахання. Яна стала сімвалам чысціні, светлай маладой тугі і юнацкіх мар.

Адыйшла юнацкая пара. У 16 гадоў Аркадзь апублікаваў сваю першую кнігу. Скончыў тэхнікум, літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута.

А ў 1934 годзе на вечарыне ў пісьменніка Платона Галавача ён сустрэў і закахаўся ў Ксенію Вечар. Яны ажаніліся. Шчаслівая пара! Маладыя, прыгожыя, нічым не абцяжараныя, яны жылі, як бедныя студэнты, спадзяваннямі на будучыню і цешыліся новым, невядомым для ix шчасцем. У студзені 1936 года ў іх нарадзілася дачка, праз два гады сын.

Набыццё асабістага шчасця натхняе паэта на пяшчотную лірыку. Як жывыя, родныя бары і ельнікі, рачулкі і сажалкі ўвайшлі ў паэзію Куляшова.

Але мірнае жыццё перапыніла Вялікая Айчынная вайна. У другой палове ліпеня Куляшова накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. Першага жніўня, ў званні капітана, паэт быў залічаны літаратурным супрацоўнікам армейскай газеты «Знамя Советов» 11-й дзейснай арміі Паўночна-Заходняга фронту. Дзе і праслужыў самыя цяжкія часы.

Ён на уласныя вочы пабачыў усё нязмернае гора, суцэльныя руіны гарадоў і вёсак, горкія страты. Свае пачуцці ён выказаў у вершах. У моцных вершах.

Працаваў Аркадзь Куляшоў многа. Ні варожыя бамбардзіроўкі, ні бесперапынны грукат артылерыйскай кананады не маглі перашкодзіць паэту ўвасобіць у сваіх вершах цудоўныя вобразы вядомых і невядомых герояў фронту і тылу. Голас паэта – голас салдат.

Пад час Вялікай Айчыннай вайны паэзія Аркадзя Куляшова аказалася на вышыні свайго абавязку. У рэдакцыі Куляшова любілі за прастату душэўную, за скромнасць, за безадказнасць у выкананні любога задання, за ініцыятыву. Нават і сёння, калі зарубцаваліся раны, нарадзіліся і выраслі новыя пакаленні, якія не бачылі жахаў вайны, нельга чытаць без хвалявання радкі тых гадоў.

Пасля вайны Куляшову давялось перажыць выпрабаванне славай. Нягледзячы на інтрыгі зайздроснікаў і недабразычліўцаў, за паэму «Сцяг брыгады» у 1946 быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, у 1949 за паэму «Новае рэчышча» - Дзяржаўнай прэміі СССР, у 1970 - Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы, у 1968 прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Яго лічылі жывым класікам літаратуры.

У гэты час ён працаваў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». Пазней узначальваў Беарускі каітэт абароны міру. Звыш 30 год з’яўлялся Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Быў членам камісіі па захаванні помнікаў культуры і архітэктуры. І пісаў, і пісаў вершы…

Пры ім пачалася знакамітая залатая эпоха айчыннага кіно, калі былі зняты лепшыя ў 20-м стагоддзі беарускія фільмы. Аркадзь Аляксандравіч працаваў у кіно – кіраваў сцэнарным аддзелам студыі «Беларусьфільм». Удзельнічаў у стварэнні фільмаў і напісанні сцэнарыяў. Асновай адной са стужак стала яго паэма «Грозная пушча». Здымаючы фільм, які атрымаў назву «Чырвоныя лісце» (1958), ён вельмі хваляваўся, ўнікаў ў працу рэжысёра і мастака, клапаціўся аб музычным управаджэнні. Усе свае сілы і талент Аркадзь Аляксандравіч укладваў у новую і невядомую для яго працу. Інакш ён не мог.

Новае творчае дыханне Аркадзь Куляшоў набывае пачынаючы з 70-х гадоў. І піша, завяршаючы твор за творам, выдаючы кнігу за кнігай. Ён мог быць і «завадным», і няўрымслівым. Спакойная ўпэўненасць у сабе спалучалася са страснасцю, азартам гарачай натуры, дабрыня – з непрымірымасцю. Мог акунуцца з галавой ў самыя звыклыя, штодзённыя справы. Быў зацятым футбольным балельшчыкам, моцным іграком у шахматы. Ва ўсіх жывёлаў, што былі ў іхняй хаце і на дачнай сядзібе ён карыстаўся асаблівам даверам на нарычы ў іх быў певень, які вельмі любіў сядзець у яго на плячы. Вобраз паэта ад гэтага не зніжаўся – наадварот, узбагачаўся новымі рысамі.

Прытулкам яго душы стаў Магілёў і Магілёўшчына наогул. Палкая юнацкая любоў да малой радзімы прайшла праз яго жыццё і творчасць.

У знак пашаны і прызнання творчасці класіка беларускай літаратуры Магілёўскаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена яго імя. З 1984 года тут праходзе міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі “Куляшоўскія чытанні”. Таксама яго імя носіць вуліца ў новым мікрараёне горада.

Раптоўная смерць 4 лютага 1978 года абарвала паэтычны маналог мужнага паэта, але ў яго творах назаўсёды засталіся жыць створаныя ім вобразы – жывая памяць пра гераічнае мінулае. У творах навечна застаўся з намі і вобраз паэта, які ўзбагаціў беларускае мастацкае слова новым сэнсам.

Просмотров: 65