Маргарыта Латышкевіч – паэт, пісьменнік, фалькларыст.
Нарадзілася 19 студзеня 1989 года ў Брэсце. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, затым магістратуру і аспірантуру. Працуе ў сферы ІТ.
Першыя публікацыі Маргарыты Латышкевіч з'явіліся яшчэ ў 2007 годзе: яе тэксты пачалі друкаваць у «Брэсцкай газеце».
Маргарыта Юр'еўна піша вершы і прозу. Апроч рэалістычнай і лірычнай прозы працуе і ў жанры міфалагічнага фэнтэзі. Плён гэтай працы былі надрукаваны на старонках беларускіх часопісаў: «Маладосць», «Бярозка», «Полымя», «Юнацтва», у газетах «Звязда» і «Літаратура і мастацтва».
У 2016 годзе выйшла яе першая кніга прозы «Яблыкі». За гэты зборнік аўтарка атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі ў намінацыі «Лепшы дэбют».
Таксама Маргарыта Латышкевіч з'яўляецца пераможцам першага міжнароднага конкурсу маладых пісьменнікаў «Мост дружбы», лаўрэатам у намінацыі «Паэзія» ў Рэспубліканскім літаратурным конкурсе імя Максіма Багдановіча, які праводзілі ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва.
Маргарыта Латышкевіч - аўтар шматлікіх кніг на рускай і беларускай мовах: зборніка паэзіі «Пульс навальніц", кнігі прозы «Яблыкі», «Наш дом», «Вараціш-гара», «Там, дзе сэрца», «Уласны крыж», «Вершнікі на дарозе», адным з аўтараў.
Не чужы аўтару і жанр дэтэктыўнай прозы, пацвярджэннем таму з'яўляецца аповесць «Уласны крыж», дзе расказваецца пра пошукі Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Уся творчасць Маргарыты Латышкевіч праймае зварот да беларускага фальклору: песень, казак, звычаяў і традыцый.
У нашай бібліятэцы вы знойдзіце наступныя кнігі аўтаркі:
Вазьмі сваю свяцільню : [апавяданні / укладальнік і аўтар уступных артыкулаў А. М. Карлюкевіч]. - Мінск : Аверсэв, 2025. - 317 с.. - (Сучасная беларуская літаратура)
Новая кніга з серыі "Сучасная беларуская літаратура" сабрала апавяданні маладых пісьменнікаў. Невялікія творы спалучаюць традыцыйны жанр з новымі нечаканымі формамі самавыяўлення – кожны аўтар дэманструе свой унікальны погляд на сучаснасць. У іх творах ёсць усё – радасці і трывогі, адкрыцці і сумненні. Ёсць і надзея, ёсць і ўяўленне, куды рухаецца беларуская літаратура сёння.
Адной з аўтарак гэтага выдання з'яўляецца пісьменніца Маргарыта Латышкевіч.
Латышкевіч, М. Ю. Вершнікі на дарозе : аповесці / Маргарыта Латышкевіч ; [графіка І. Андрэевай]. - Мінск : Чатыры чвэрці, 2022. - 268, [2] с.. - (Серыя "Фантастыка і фэнтэзі")
У дзівосным свеце аповесцей фэнтэзі Маргарыты Латышкевіч ажываюць легенды, спяваюць рунічныя камяні і нараджаюцца чары. Народ Курганова Поля – паэты, ведзьмары, ваяры – процістаяць людзям. Але ці настолькі адрозныя народ Курганоў і чалавечыя сыны?.. Верасовыя пусткі напаўняюцца музыкай ветру, магія пранізвае час і прастору. Вершнікі ўжо на шляху…
Латышкевіч, М. Ю. Муры, Том і дырыжаблік : казачная аповесць / Маргарыта Латышкевіч ; [мастак Д. А. Чарняўская]. - Мінcк : Звязда, 2022. - 94, [1] с.
Над чароўным горадам Котсвілем плывуць планёры і дырыжаблі! А жыхары горада рыхтуюцца да Вялікай выставы. Маленькія кацяняты Муры і Том чакаюць дамоў свайго тату, капітана самага цудоўнага з усіх дырыжабляў. Але тата затрымліваецца! Што ж сталася з камандай паветранага судна? І якое дачыненне да гэтага мае Егіпецкая зала Вялікай выставы? Далучыцеся да Коткінсаў у іх даследаванні — і сутыкніцеся са старажытнымі чарамі з далёкіх краін!
Латышкевіч, М. Ю. Наш дом : апавяданні, аповесці / Маргарыта Латышкевіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. - 349, [2] с.. - (Час 21)
У кнізе пад адной вокладкай сабраныя самыя розныя творы як у гарадскіх піматпавярховых дамах пад адным дахам сабраныя самыя розныя людзі.
Тут ёсць і кароткія апавяданні, ад гумарыстычных і іранічных да сумных і кранальных.
Усё пільныя назіранні за рэальным жыццём.
Усё гісторыі жывых людзей.
Тут ёсць і аповесці-фэнтэзі, заснаваныя на беларускай міфалогіі, на ператрактоўцы народных казак.
Кожны з гэтых, падавалася б, такіх адрозных твораў расказвае гісторыю, смешную ці сумную.
Гісторыю пра нас. Пра наша жыццё, пра нашы карані і пра наш агульны дом.
Латышкевіч, М. Ю. Уласны крыж : аповесці / Маргарыта Латышкевіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2021. - 268, [2] с.. - (Бібліятэка прыгод і фантастыкі)
Прыгодніцкі дэтэктыў пра пошукі старадаўняга артэфакта. Журналіст Зініч прыязджае ў старажытны Полацк на запрашэнне ўніверсітэцкага сябра, што ўблытаўся ў амаль крымінальныя справы. Якія таямніцы хавае архіў экспедыцыі БелАН на Полаччыну і дзе адшукаць сапраўдны ключ ад Мудрасці? Якія за- гадкі схаваныя ў лёхах пад былой езуіцкай акадэміяй? I ці атрымаецца, апантана вышукваючы старадаўні артэфакт, проста выжыць?
Views: 5










































