Кацярына Станіславаўна Хадасевіч-Лісавая — беларуская пісьменніца. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2006 г.). Уваходзіць у склад удзельнікаў бюро секцыі дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Член рэдкалегій часопісаў «Вясёлка» і «Маладосць».
Скончыла Ждановіцкую сярэднюю школу, потым Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Жыве ў а/г Ждановічы Мінскага раёна, працуе настаўніцай пачатковых класаў у Ждановіцкай сярэдняй школе.
Аднойчы пісьменніца атрымала ў падарунак ад чытача чароўную палачку, упрыгожаную зоркай, і з таго часу пачала збіраць калекцыю сувеніраў і прадметаў у выглядзе зорачак.
Першыя творы з'явіліся ў 10-гадовым ўзросце. Дэбютавала ў друку ў 1996 годзе ў часопісе «Першацвет».
Кацярына Хадасевіч-Лісавая працуе пераважна ў галіне дзіцячай літаратуры, але ёсць творы і для дарослых. У творах Кацярыны часта сустракаюцца касмічныя сюжэты. За кнігу «Касмічная адысея хлопчыка Стасіка» Кацярына атрымала дыплом ІІ ступені рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2012 года» у галіне дзіцячай літаратуры.
Друкавалася ў часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Качели», «Маладосць», «Нёман», «Родная прырода», газетах «Літаратура і мастацтва», «Мінская праўда», «Настаўніцкая газета», «Прысталічча» і інш.
Таксама творы аўтара для розных чытацкіх аўдыторый увайшлі ў калектыўныя зборнікі: «Вальс пад журлівыми таполямі», «У храме зямнога кахання», «Самая чароўная кветка», «Пакуль б’ецца сэрца», «Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў», «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў», «Касмічная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў», «Залаты талер», «Пакліч у госці сонца», «Митины каникулы», «Падарунак ад Дзеда Мароза», «Самое счастливое Рождество».
У нашай бібліятэцы сабрана 28 каштоўных кніг пісьменніцы. Мы падрыхтавалі для вас асаблівую падборку - гэта толькі малая частка скарбаў, якія чакаюць свайго чытача!
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Вухуцік; Васільвася : фантастычныя апавяданні / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак В. Лемешава]. - Мінск : Звязда, 2019. - 22, [3], 21, [2] с., сустрэч. паг.. - (Казкі кніжнай феі)
Перад вамі кніга-перакрутка! Адна частка — для чытачоў-хлопчыкаў, другая — для дзяўчынак. Гэта два розныя ўваходы ў адну кнігу. Адкрый і прачытай сваю частку! Альбо чытай з двух бакоў, а потым спыняйся на сярэдзіне, дзе цябе і тваіх сяброў чакае «Ван- друльня» (вандроўка і гульня). Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Вухуцік і дзіва : казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак І. Марозава]. - Мінск : Звязда, 2024. - 132, [2] с.. - (Казкі Кніжнай феі)
Канікулы, святы і цудоўны сюрпрыз: да дзяўчынкі Улады прыляцеў яе іншапланетны сябар Вухуцік! Адразу пачынаюцца цікавыя падзеі, неверагодныя здарэнні і вясёлыя прыгоды, але Улада заўважае, што хлопчыка нешта сур'ёзна турбуе. Ён трымае сваю праблему ў таямніцы і не скардзіцца, бо не хоча псаваць святочны настрой. Пакуль сітуацыя не вымушае яго...
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Вухуцік і яго таямніца : казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч–Лісавая ; [мастак В. Лапіна]. - Мінск : Звязда, 2022. - 125, [3] с.. - (Казкі Кніжнай феі)
Дзяўчынка Улада з Зямлі і хлопчык Вухуцік з далёкай таямнічай планеты Вухуціі сустрэліся і пасябравалі. А для сапраўднага сяброўства, як вядома, не існуе адлегласцей і перашкод. Дзеці разам падарожнічалі па космасе, тэлепартаваліся адно да аднаго ў госці, весяліліся, знаёміліся з жыццём на новых для іх планетах, траплялі ў розныя цікавыя сітуацыі.
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Вухуцік. Міжпланетны ваяж : кніга-тэлепорт / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; мастак Іна Марозава. - Мінск : Звязда, 2025. - 52, [3] с.. - (Казкі Кніжнай феі)
Тэлепорт існуе! Гэта кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Вухуцік. Міжпланетны ваяж»! Адпраўляйцеся ў міжпланетнае падарожжа, сябры! Вас чакае цудоўная касмічная вандроўка і фантастычна-прыгодніцкая гісторыя пра дзяўчынку з Зямлі і іншапланетніка з таямнічай Вухуціі. Вы здзейсніце палёт на далёкую планету! Якая яна? Хто там жыве? Што адбываецца? Цікавае ці небяспечнае падарожжа атрымаецца ў галоўнай гераіні ічытачоў кнігі, якія разам тэлепартуюцца на загадкавую планету?
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Год прыгод лісачкі Красуні : казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; мастак Дзіяна Бецун. - Мінск : Звязда, 2025. - 179, [3] с.. - (Казкі Кніжнай феі)
Абаяльная і вясёлая лісачка Красуня заўсёды ў цэнтры падзей. Прыгоды знаходзяць няўрымслівую фантазёрку ці яна іх – невядома, але сумаваць лісачцы і яе сябрам ніколі не даводзіцца.
У Дзівосным лесе адбываюцца цікавыя, неверагодныя здарэнні і нават страшныя гісторыі… Герояў чакае карагод прыгод ва ўсе поры года. Далучайцеся і вы, дарагія сябры!
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Код геніяльнасці : аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; мастак Іна Марозава. - Тэкст : непасрэдны. - Мінск : Беларусь, 2025. - 78, [1] с.
Кніга адрасавана падлеткам і моладзі. Чытачы пазнаёмяцца з новымі героямі, сваімі аднагодкамі, якія, на першы погляд, нічым адметным не вылучаюцца. Такіх дзяўчат і юнакоў вакол шмат, але старонкі твора распавядуць пра іх жыццёвыя перыпетыі – каханне і здраду, сяброўства і суперніцтва, дабрыню і жорсткасць.
Захапляльнасці сюжэту надаюць містычныя падзеі, якія адбываюцца з героямі…
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Лета на Зачараваным балоце : раман-казка / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак Галіна Іванова]. - Мінск : Звязда, 2024. - 197, [2] c. - (Казкі Кніжнай феі)
Андрэй і Юля – звычайныя сталічныя падлеткі, якія вельмі чакаюць лета, каб правесці канікулы ў весцы. Але ж не толькі вабіць дзяцей сустрэча з бабуляй і дзядулем, яны імкнуцца на Зачараваннае балота, якое мае дзівосную таямніцу… Падлеткі апыняюцца ў віры містычных падзей, з жыхарамі загадкавай мясціны. Што там закруцілася, прадсказаць не мог ніхто…
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Лісачка Красуня і сапраўдны герой : казка / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак Д. М. Бецун]. - Мінск : Звязда, 2024. - 46, [1] с.. - (Казкі Кніжнай феі)
Абаяльная і вясёлая лісачка Красуня проста прыцягвае да сябе розныя прыгоды! У гэтай гісторыі разам з прыгодамі прыцягнуўся... сусветна вядомы вандроўнік, адважны падарожнік, галантны кавалер па імені Лухташ. Сваю ўвагу ён дзеліць між трыма сяброўкамі: асыпае лясных паненак кампліментамі, прысвячае песні і дорыць незвычайны падарунак. І ўсё цудоўна і прыгожа, але...
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Новыя прыгоды лісачкі Красуні : казачная аповесць / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак Д. Бецун]. - Мінск : Звязда, 2023. - 179, [3] с.. - (Казкі Кніжнай феі)
Галоўная гераіня кнігі – вясёлая і цікаўная лісачка Красуня. Раней яна жыла ў мегаполісе, а потым малечы пашанцавала вырвацца з тлуму вялікага горада і пасяліцца ў Дзівосным лесе, дзе яе выхавацелем стаў вялікі, моцны і добры мядзведзь Буры. Красуня знайшла сярод лясной дзятвы шмат сяброў, якім з гэтай мілай фантазёркай сумаваць ніколі не даводзіцца! Пра вясёлыя прыгоды, цікавыя забавы, неверагодныя здарэнні і дэтэктыўныя гісторыі і раскажа гэта кніга. Лісачка запрашае чытачоў у Дзівосны лес! Уваход – пад вокладкай!
Хадасевіч-Лісавая, К. С. Падабай.к@ — гэта я! : кніга-гаджэт / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; мастак В. Лапіна. - Мінск : Беларусь, 2025. - 52, [3] с.. - (Гісторыі Кніжнай Феі)
Вы хацелі б мець унікальны гаджэт, які не патрабуе зарадкі, не расходуе трафік, не псуе зрок і не «глючыць»? А яшчэ пашырае веды, вядзе ў свет фантазіі, дапамагае знайсці сяброў у Сеціве, дае магчымасць пагуляць у настольную гульню і вясёлую вандрульню з прызам для самых уважлівых карыстальнікаў сацыяльных сетак? Гэты гаджэт у вас у руках — гэта кніга, у якой Кніжная Фея спалучыла экран смартфона і папяровыя старонкі! У ёй вы пазнаёміцеся з сімпатычным віртуальным героем — Падабайкам, якога ведае ўвесь свет…
Якая з гэтых кніг стане вашай каханай? Прыходзьце - выбіраць вам!
Views: 14







































